Movatterモバイル変換


[0]ホーム

URL:


Перайсьці да зьместу
Вікіпэдыявольная энцыкляпэдыя
Пошук

Беларуская Народная Рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «БНР»)
Беларуская Народная Рэспубліка
лац.Biełaruskaja Narodnaja Respublika

25 сакавіка 1918 — 28 красавіка 1919
 

 

 

Сьцяг Беларускай Народнай РэспублікіГерб Беларускай Народнай Рэспублікі
СьцягГерб
Дзяржаўны гімн: «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
Месцазнаходжаньне Беларускай Народнай Рэспублікі
Афіцыйная мовабеларуская
СталіцаМенск,Горадня[1]
Найбуйнейшы горадМенск
Форма кіраваньня
Старшыні Рады
Рэспубліка
Ян Серада
Язэп Лёсік
Незалежнасьць
— абвешчаная
— страчаная

25 сакавіка 1918
28 красавіка 1919

Белару́ская Наро́дная Рэспу́бліка (БНР) — часткова прызнанаябеларуская дзяржава[2],улада якой пашыралася на частку тэрыторыі сучаснайБеларусі з 25 сакавіка 1918 году да 28 красавіка[3] 1919 году (зь перапынкамі), а таксама ў часеСлуцкага збройнага чыну (27 лістапада — 31 сьнежня 1920).

Дзяржаўныя сымбалі —бел-чырвона-белы сьцяг і гербПагоня[4]. Сталіца — Менск. Дзяржаўная і абавязковая мова —беларуская (з 12 красавіка 1918[4]). Часоваяканстытуцыя ад 11 кастрычніка 1918 году[5]. Выдача пашпартоў[4].

Міжнароднае прызнаньне:Армэнія,Грузія,Аўстрыя,Польшча,Эстонія[6][7][8],Летува,Латвія,Чэхаславаччына,УНР[9] іФінляндыя (дэ-юрэ[4][10][11][12]);Нямеччына,Баўгарыя іТурэччына (дэ-факта[13]).

Найвышэйшы орган дзяржаўнай улады Беларускай Народнай Рэспублікі,Рада БНР, працягвае дзеяць увыгнаньні. Кожны год 25 сакавіка, дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, сьвяткуецца беларусамі якДзень Незалежнасьці (Дзень Волі).

Вялікае Княства Літоўскае як крыніца дзяржаўнасьці

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Асноўныя артыкулы:Вялікае Княства Літоўскае,Беларускае нацыянальнае адраджэньне, іЛіцьвінства
Паштоўка БНР з гербамібеларускіхваяводзтваў (адпаведныхваяводзтвамВялікага Княства Літоўскага) ідзяржаўным гербам (адпаведным дзяржаўнаму гербу ВКЛ), 1918 г.
Фрагмэнт мапыРэчы Паспалітай, дзеЛітва (Lituania) цалкам атаясамліваецца зьБелай Русьсю (Russia Bianca), тым часамЖамойць (Samogitia) падаецца асобна ад Літвы, аМасковія (Moscovia) — асобна адРусі (Вэнэцыя, 1740 г.)

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя нацыянальная эліта гістарычныхліцьвінаў пры чынным удзеле выхадцаў зшляхты колішнягаВялікага Княства Літоўскага — простых нашчадкаўгістарычнай Літвы[14] (з шляхты паходзілі заснавальнікіНашай Нівы братыІван іАнтон Луцкевічы, заснавальнікпершай беларускай партыіВацлаў Іваноўскі, адзін з заснавальнікаўБеларускай сацыялістычнай грамады паэтКарусь Каганец, стваральнік беларускага тэатруІгнат Буйніцкі, клясыкі беларускай паэзііАлаіза Пашкевіч іЯнка Купала, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньняВацлаў Ластоўскі, аўтар навукова вызначаных межаўэтнічнай тэрыторыі беларусаў гісторык і этнограф прафэсарМітрафан Доўнар-Запольскі ды іншыя[a]) — якая выступала за адраджэньне свайго народа і яго дзяржаўнасьці, абрала назвы«Беларусь» і «беларусы». Разам з тым, усе дзеячы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху (адФранцішка Багушэвіча даЯнкі Купалы) бесьперапынна падкрэсьлівалі повязь Беларускай дзяржаўнасьці зь Вялікім Княства Літоўскім, а ўсе беларускія гісторыкі (адВацлава Ластоўскага даЎсевалада Ігнатоўскага) называлі ВКЛ «Беларуска-Літоўскім гаспадарствам». Гэтая ж пазыцыя знайшла адлюстраваньне ўДругой Устаўной грамаце Беларускай Народнай Рэспублікі ад 9 сакавіка 1918 году («Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на увесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць»), а гербуПагоністарадаўняй Літоўскай Пагоні»), які стаў дзяржаўным сымбалем БНР, прысьвяціўсвой верш клясык беларускай літаратурыМаксім Багдановіч. У 1918 годзе сябра камісіі БНР у арганізацыі Беларускага ўнівэрсытэту прафэсарМітрафан Доўнар-Запольскі падкрэсьліваў у газэцеВольная Беларусь: «Цяпер ідзе дзяржаўнае будаваньне. Натуральна, паўстае думка пра тэрміналёгію дзяржаўных ўстановаў, т.ё. ці пакідаць нам цяперашнія, чужыя нам найменьні ўстановаў, ці мы павінны вярнуцца да найменьняў нашага дзяржаўнага права, — да родных, часам забытых ужо намі, тэрмінаў. <…> — будзем аднаўляць наш праўны язык зьЛітоўскага Статуту, каторы ўжываўся, як закон, да 1830 году. А тэрміналёгія Статуту стварылася ў часынашай дзяржаўнай (панствовай) незалежнасьці»[16].

У 1918 годзе прафэсар славянскіх моваў і літаратураўБэрлінскага ўнівэрсытэтуАляксандар Брукнэр апублікаваў артыкул «Зь беларускай нівы» (польск.«Z niwy białoruskiej»), дзе падкрэсьліваў, штогістарычная літоўская — гэта беларуская мова, якая былаафіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, штогістарычныя ліцьвіны — гэтабеларусы, а гістарычная літоўшчына — гэта беларушчына: «…па-літоўску г. зн. па-беларуску пісаныя ўсе літоўскія акты, хронікі, статуты… …ліцьвін, г. зн. беларус… …літоўшчына, г. зн. беларушчына…»[b][17].

Тэрыторыя

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Мапа БНР, 1918 г.
Асноўны артыкул:Геаграфія Беларускае Народнае Рэспублікі

Згодна зТрэцяй Устаўной граматайРады БНР ад 25 сакавіка 1918 году тэрыторыя Беларускае Народнае Рэспублікі ахоплівала навукова вызначануюэтнічную тэрыторыю беларусаў:

«Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродненшчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў, заселеных беларусамі»

—3-я Ўстаўная Грамата Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Гэтыя межы дакладна акрэсьліваюцца на мапе Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзенай у 1918 годзе і прадэманстраванай Надзвычайнай місіяй БНР наПарыскай мірнай канфэрэнцыі.

Гісторыя

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Межыэтнічнай тэрыторыі беларусаў

     ПаводлеЯ. Карскага (1903)

     ПаводлеМ. Доўнар-Запольскага (1919)

     Сучасныя дзяржаўныя межы

Перадумовы

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 1917 году буржуазныЧасовы ўрад уРасеі перайшоў да адкрытага змаганьня зСаветамі. Двоеўладзьдзе скончылася.Бальшавікі перайшлі ў падпольле й узялі курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстаньня. У кастрычніку 1917 году яны атрымалі перамогу й улада перайшла ў рукі Саветаў. Найвышэйшым органам савецкай улады на большай частцы тэрыторыі сучаснайБеларусі быў Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласьці і фронту (Аблвыканкамзах).

У той жа час (ліпень 1917 году) актывізаваліся беларускія нацыянальныя сілы, якія правялі ІІ зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, пастанавілі патрабаваць аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычна-рэспубліканскай Расеі. На зьезьдзе ўтварылася Цэнтральная Рада, якая пасьля кастрычніка 1917 году была пераўтвораная ўВялікую Беларускую Раду (ВБР). ВБР не прызнала ўладу Аблвыканкамзаху, бо разглядала яго як выключна франтавы орган улады. Супрацы ВБР і Аблвыканкамзаху ў справе стварэньня беларускай дзяржаўнасьці не адбылося.

Ужо 5 сьнежня 1917 году, адолеўшы ўсе перашкоды і рознагалосьсі ваеннага часу, беларускі народ зарганізаваў уМенскуПершы Ўсебеларускі кангрэс, на які сабралася 1872 дэлегаты з усіх этнічных беларускіх абшараў — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Ніводнаму з народаў былой імпэрыі, якія на той час ня мелі незалежнасьці, гэткага прадстаўнічага зьезду ў той час склікаць не ўдалося. У параўнаньні, на Другі Ўсерасейскі зьезд Саветаў, які прыводзіла да ўзору бальшавіцкая ўлада, сабралася толькі 649 дэлегатаў. Старшынём зьезду быў абраны прафэсарЯн Серада, ганаровым старшынём акадэмікЯўхім Карскі. На зьезьдзе быў агучаны лёзунг «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!» Усебеларускі кангрэс абвясьціў сябе найвышэйшым органам улады Беларусі і не прызнаў тут легітымнасьць бальшавіцкай улады. Аднак зьезд не пасьпеў дакончыць сваёй працы. Новыя бальшавіцкія ўладары спалохаліся нацыянальнага самавызначэньня беларусаў, у выніку чаго на разгон зьезду былі адпраўленыя ўзброеныя жаўнеры з кулямётамі і бронетэхнікай. Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду вельмі позна зразумелі, што над зьездам навісла пагроза гвалтоўнага разгону з боку бальшавіцкагаАблвыканкамзаху. Яшчэ напачатку сьнежня 1917 году з дэлегатаў Усебеларускага кангрэсу сфармавалася Ваенная камісія, у якую ўвайшлі каля 100 чалавек, у тым ліку два генэралы —Кіпрыян Кандратовіч і Алексіеўскі (камандзір Свэабарскай фартэцыі, якая падпарадкоўваласяПетраградзкаму гарнізону). Недзе ў сярэдзіне сьнежня Ваенная камісія накіравала свайго прадстаўнікаВасіля Русака ў Воршу, каб той дамовіўся з камандзірам тамтэйшага кавалерыйскага эскадрону, прыхільнікам Вялікай Беларускай Рады ротмістрам Якубенем пра таемную перадысьлякацыю эскадрону ў Менск для забесьпячэньня аховы Ўсебеларускага кангрэсу. Але гэты крок быў запозьненым.

У ноч з 17 на 18 сьнежня 1917 году (паводлестарога стылю) бальшавікі зьезд разагналі. Дэлегаты былі бяз зброі й не змаглі супрацьстаяць узброеным бальшавіцкім жаўнерам. Але той зьезд, адбіваючыся ад бальшавіцкіх пагромшчыкаў, пасьпеў прагаласаваць за самавызначэньне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада Ўсебеларускага кангрэсу атрымала ўсе юрыдычныя і маральныя паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы. І ў адпаведнасьці з гэтым, у далейшым (25 сакавіка 1918 году) Выканкам Рады Ўсебеларускага кангрэсу абвясьціў Беларускую Народную Рэспубліку, і беларускі народ атрымаў дзяржаўнасьць. Працэдура тая была юрыдычна бездакорнай. Але ж тады, у сьнежні 1917 году, на загад бальшавіцкага Аблвыканкамзаху пад кіраўніцтвам камісараМ. І. Крывашэіна быў разагнаныПершы Ўсебеларускі кангрэс. Ужо 18 сьнежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага кангрэсу, у складзе 56 чалавек на чале зьЯзэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пастанавілі падпарадкаваць сабеЦэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі з свайго складу больш мабільны кіроўны орган — Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага кангрэсу. Ён зрабіўся юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Ўсебеларускаму кангрэсу. Выканкам Усебеларускага кангрэсу атрымаў даручэньне, як толькі будзе магчымым, узяць уладу на Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да гэтага вырашальнага моманту.

Пра падзеі 19—21 лютага 1918 году ў Менску глядзіце таксама артыкулБеларуска-польская адміністрацыя Менску.

9 сьнежня 1917 году паміжСавецкай Расеяй іНямеччынай пачаліся мірныя перамовы, якія былі сарваныя па вінеЛьва Троцкага. Нямецкае камандаваньне аддала сваім войскам загад пачаць 18 лютага 1918 году наступленьне, што рэзка абвастрыла сытуацыю на Заходнім фронце. Нямецкія войскі хутка набліжаліся даГомелю іМенску. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаху і СНК Заходняй вобласьці мусіла сьпешна эвакуявацца ўСмаленск.

Абвяшчэньне

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Рада БНР. Зьлева направа, сядзяць:Алесь Бурбіс,Ян Серада,Язэп Варонка (старшыня),Васіль Захарка; Стаяць:Аркадзь Смоліч,Пётра Крэчэўскі,Кастусь Езавітаў,Антон Аўсянік,Лявон Заяц

20 лютага 1918 году Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду сфармаваў Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят). Спачатку ва ўрад на чале зь Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасьля іх колькасьць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаўКастуся Езавітава, склад першага ўраду БНР быў наступны:

Язэп Варонка — старшыня (прэм’ер-міністар) і народны сакратар (міністар) міжнародных справаў,Іван Макрэеў — унутраных справаў,Аркадзь Смоліч — асьветы,Яфім Бялевіч — справядлівасьці (юстыцыі),Янка Серада — народнай гаспадаркі,Віктар Рэдзька — шляхоў зносінаў,Тамаш Грыб — земляробства,Палута Бадунова — апекі,Аляксандар Карабач (Карач) — пошты і тэлеграфу (сувязі),Пётра Крэчэўскі — кантролю,Гелій Белкінд — фінансаў,Павал Злобін — расейскіх справаў,Майсей Гутман — «першы таварыш» (першы намесьнік) старшыні і сакратар габрэйскіх справаў,Канстантын Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых справаў,Лявон Заяц — загадчык справаў Народнага Сакратарыяту.

У далейшым склад першага ўраду мяняўся, у тым ліку і з тае прычыны, што ў красавіку ў знак пратэсту супраць прыняцьця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэеў, Злобін, Белкінд. Акрамя таго, палітычныя органы БНР ажыцьцяўлялі кааптацыю (уключэньне) іншых беларускіх нацыянальных арганізацыяў (напрыклад,Віленская беларуская рада абоМенскае беларускае прадстаўніцтва).

Падобная практыка прыводзіла да істотных зьменаў у зьнешнепалітычным курсе дзяржавы: так, кааптацыя Менскага беларускага прадстаўніцтва падштурхнула Раду БНР да адпраўленьня ўдзячнае тэлеграмы кайзэру Нямеччыны, а пазьней пад націскам нямецкага камандваньня адзін з найвыбітнейшых сябраў прадстаўніцтва,Раман Скірмунт, стаў старшынём ураду краіны[18]. У траўні 1918 году сярод палітычных структураў БНР узьнікла двоеўладзьдзе: з ураду БНР выйшлі сацыял-дэмакрат А. Смоліч і сацыял-рэвалюцыянэры, у выніку чаго з сацыялістаў-фэдэралістаў была створаная г.зв.Рада пяцёх; у той час як правыя сілы стварылі альтэрнатыўны ўрад на чале са Скірмунтам. Аднак ужо ў чэрвені гэтага ж году левыя й правыя прыйшлі да кампрамісу, новы кааліцыйны ўрад узначаліў Серада[19].

Беларускі нацыянальныбел-чырвона-белы сьцяг над будынкамНароднага Сакратарыяту БНР (былыДом губэрнатара).Менск, 1918 г.

Выканкам Усебеларускага кангрэсу пастанавіў узяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 году ён зьвярнуўся да народу Беларусі зьПершай устаўной граматай, у якой абвясьціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкамам Усебеларускага кангрэсу да адкрыцьця Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойма функцыі новай улады ўскладаліся на створаны першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят Усебеларускага кангрэсу, старшынём якога стаў адзін зь лідэраўБСГЯзэп Варонка.

Пры канцы лютага 1918 году ў Менск, дзе знаходзіўся Выканкам Усебеларускага кангрэсу, прыйшлі войскі кайзэраўскай Нямеччыны. Першае, што зрабілі немцы, калі ўвайшлі ў Менск 21 лютага, — раззброілі менскую беларускую вайсковую дружыну; таксама яны забралі касу Народнага Сакратарыяту, сарвалі зь яго будынка бел-чырвона-белы сьцяг, выгналі службоўцаў. Беларускія лідэры былі папярэджаныя, што акупацыйныя ўлады не дапусьцяць у Беларусі сур’ёзнай палітычнай дзейнасьці.

3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склала зь НямеччынайБерасьцейскую мірную дамову, паводле якой землі, што ляжалі на захад ад лінііДзьвінскСьвянцяныПружаны і належалі раней Расеі, перадаваліся Нямеччыне йАўстра-Вугоршчыне, якія мусілі вырашыць будучыню гэтых зямель. Гэта яшчэ болей нараджала незалежніцкія ад бальшавіцкай Савецкай Расеі тэндэнцыі ў шэрагах беларускага нацыянальнага руху.

Шыльда Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР уЛатвіі іЭстоніі

9 сакавіка 1918 году Выканкам Усебеларускага кангрэсу ў адказ наБерасьцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, прыняўДругую ўстаўную грамату, якая зьяўляецца канстытуцыйнай. У ёй гаворыцца пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) ў межах расьсяленьня і колькаснай перавагі беларусаў. Заканадаўчую ўладу БНР атрымалаРада БНР, старшыня якой прадстаўнік БСГЯн Серада. Яна аб’яўлялася заканадаўчым органам да скліканьня Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму. Выканаўчую ўладу БНР атрымаўНародны Сакратарыят БНР (Алесь Бурбіс,Ян Серада,Язэп Варонка,Васіль Захарка,Аркадзь Смоліч,Пётра Крэчэўскі,Кастусь Езавітаў,Антон Аўсянік,Лявон Заяц і іншыя). Нямеччына да фармаваньня дзяржаўных інстытутаў БНР ніякага дачыненьня ня мела. Чальцы Рады БНР і ўраду БНР былі абраньнікамі беларускага народу (Першы Ўсебеларускі кангрэс, сьнежань 1917 году).

8 сакавіка Рада БНР запрасіла ў свой склад прадстаўнікоў расейскіх сацыялістычных партыяў (сярод якіх былі прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў Беларусі — расейцы, палякі, габрэі, украінцы, летувісы), а трохі пазьней — і Віленскай Беларускай рады (Іван Луцкевіч,Антон Луцкевіч,Вацлаў Іваноўскі), якая дзеяла ў Вільні пад назвай Беларускага Народнага Камітэту з моманту акупацыі заходняй часткі Беларусі.

Трэцяя Ўстаўная грамата БНР
Урад БНР уГорадні
Беларуская камэндатура ў Горадні, 1919 г.

У адказ на Берасьцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, 25 сакавіка, пасьля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасьці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі, большасьцю галасоў была прынятаяТрэцяя Ўстаўная грамата, у якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай,Берасьцейская мірная дамова скасоўвалася. Афіцыйнай мовай была аб’яўленая беларуская, а сталіцай новай дзяржавы — места Менск.

Бальшавікі абвясьцілі, што стварэньне БНР — спроба буржуазна-абшарніцкіх колаў адарваць Беларусь ад Савецкай Расеі. Паводле дамоўленасьці з сваімі хаўрусьнікамі, расейскімі бальшавікамі ў Берасьці, немцы абавязаліся не прызнаваць новых дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай Імпэрыі. Немцы, якія былі хаўрусьнікамі бальшавіцкай Савецкай Расеі, разагналіРаду БНР іНародны Сакратарыят БНР. У гэткіх цяжкіх умовахРада БНР зьвярнулася да нямецкага імпэратара (кайзэра) Вільгельма II з тэлеграмай, у якой дзякавала за вызваленьне Беларусі, прасіла дапамагчы ў стварэньні яе дзяржаўнай незалежнасьці ў хаўрусе зь Нямецкай Імпэрыяй. Пасылка тэлеграмы выклікала ў БНР востры палітычны крызіс; іРада БНР, іБСГ раскалоліся, утварыліся новыя партыі. Але Нямеччына не прызнала БНР і зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць стварэньню нацыянальнага войска Беларусі. Таму рэальнай уладыНародны Сакратарыят БНР не атрымаў і працягваў сваё існаваньне толькі фармальна. Аднакнямецкая адміністрацыя не перашкаджала чальцам БНР самастойна вырашаць шэраг культурных і адукацыйных пытаньняў.

11 кастрычніка 1918 году пры кіраваньні Народнага Сакратарыяту на чале з Антонам Луцкевічам была прынятая часоваяканстытуцыя БНР[1]. Ужо ў лістападзе гэтага ж году кіраўніцтва БНР прадугледжвала варыянт прыняцьця канстытуцыі на савецкі ўзор у абмен на прызнаньне незалежнасьці Беларусі з бокуРасеі, але расейскае кіраўніцтва не прыняло дадзеную прапанову[1]. Разам з тым адзначаецца, што працы па стварэньні канстытуцыі рэспублікі вяліся й раней, праз хуткі час пасьля скліканьня Першага Ўсебеларускага зьезду.

  • Вокладка пашпарту грамадзяніна БНР зь дзяржаўным гербам «Пагоня»[20]
    Вокладка пашпарту грамадзяніна БНР зь дзяржаўным гербам «Пагоня»[20]
  • Паштоўка БНР зь дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам
    Паштоўка БНР зь дзяржаўнымбел-чырвона-белым сьцягам
  • Паштоўка БНР «Вялікія дзеячы беларускага Адраджэньня»
    Паштоўка БНР «Вялікія дзеячы беларускага Адраджэньня»

Адукацыя, навука, культура

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

Найбольшых посьпехаў урад БНР дасягнуў у культурным будаваньні і разьвіцьці адукацыі. За кароткі час паводле розных падлікаў адкрыліся ад 150 да 350 беларускіх школаў, у тым ліку гімназіі ўБудславе,Менску,Наваградку,Слуцку іГорадні[19].

Падрыхтоўка настаўнікаў, апроч Сьвіслацкай гімназіі, вялася ў Менскім пэдагагічным інстытуце[19], рыхтавалася адкрыцьцё Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (гэтай справай займалісяАркадзь Смоліч,Мітрафан Доўнар-Запольскі,Яўхім Карскі,Усевалад Ігнатоўскі і іншыя). У плянах БНР было таксама адкрыцьцё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў[5].

У красавіку 1918 году адкрылася Менская вышэйшая музычная школа, пераўтвораная ў тым жа годзе ўБеларускую кансэрваторыю[5]. Заняткі пачаліся і ў адноўленай Каталіцкай духоўнай сэмінарыі (рэктар — доктар філязофіі ксёндзФабіян Абрантовіч).

З ініцыятывыА. Луцкевіча ў 1918 годзе ўтварылася першая беларуская навуковая ўстанова —Беларускае навуковае таварыства ўВільні[5]. Вялася падрыхтоўка да адкрыцьцяВіленскай беларускай гімназіі.

У 1918 годзе ў БНР на беларускай мове выходзіла 6 газэтаў (у тым лікуБеларускі шлях) і 3 часопісы, дзеяла 11 выдавецтваў[4]. Выдавецтва «Адукацыя» актыўна друкавала падручнікі для школаў.

19 траўня 1918 году на базе Таварыства драмы і камэдыі ўзьнік Беларускі дзяржаўны тэатар БНР[4].

Узброеныя сілы БНР

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул:Узброеныя сілы Беларускай Народнай Рэспублікі
Сьцягпершага Слуцкага палку стральцоў БНР

Беларускія часткі пачалі стварацца ў складзе расейскай арміі яшчэ ўвосень 1917 году. У лютым 1918 году, калі ўладу ў Менску ўзяў у свае рукі выканкам Усебеларускага зьезду, утварыўся Першы Менскі беларускі полк, які праіснаваў да прыходу нямецкіх войскаў.

Пад наглядам немцаў лідэры БНР займаліся дзяржаўнай дзейнасьцю амаль ва ўсіх яе галінах, акрамя ваеннай. Ураду БНР не дазвалялася мець сваё войска і міліцыю. Нямеччына не дапусьціла перадысьлякацыю ў Беларусь з румынскага фронту стотысячнага беларускага войска. Расчараваньне немцамі падштурхнула беларускіх эсэраў да стварэньня сялянскіх партызанскіх атрадаў для змаганьня з акупантамі. З гэтай мэтай была створана арганізацыя «Саюз беларускага працоўнага сялянства». Дзясяткі тысячаў чалавек уваходзілі ў партызанскія аддзелы, у тым ліку і тыя, што ваявалі за дзяржаўную незалежнасьць БНР (Лукаша Семянюка,Юркі Моніча,Вячаслава Адамовіча-«Дзергача» ды іншых). Існавалі і іншыя формы супраціву. На поўную дзяржаўную незалежнасьць без уласнага войска разьлічваць не даводзілася. Нямеччына адмыслова да апошняга стрымлівала фармаваньне беларускіх вайсковых злучэньняў, бо высьцерагалася, што яны будуць скіраваны супраць падтрыманага імі бальшавіцкага рэжыму ў Савецкай Расеі.

Пра свае сымпатыі да БНР заяўляў і генэрал-маёрСтаніслаў Булак-Балаховіч, які са сваім аддзелам у 1919 годзе на нейкі час перайшоў «на беларускую службу» («Асобны атрад БНР»), а потым разам з польскімі войскамі ваяваў супраць бальшавікоў. У лістападзе 1920 году Булак-Балаховіч абвясьціў у Мазыры «незалежную беларускую дзяржаву», але неўзабаве яго армія была разьбітая Чырвонай Арміяй і адыйшла ў Польшчу.

Паводле падлікаў гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі «Жаўнеры БНР», у беларускіх вайсковых аддзелах на працягу 1917—1923 гадоў служылі каля 11 тысячаў чалавек, пераважна добраахвотнікаў. Адзін з найбольш заўважных эпізодаў змаганьня за БНР —Слуцкі збройны чын 1920 году, калі сьпешна сфармаваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай Арміяй.

Зьнікненьне

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

Па Лістападаўскай рэвалюцыі ў Нямеччыне (1918 год) Савецкі ўрад дэнансаваў Берасьцейскую мірную дамову і рушыўЧырвоную Армію на захад. У абставінах адыходу нямецкіх войскаў Рада народных міністраў БНР у4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 году заклікала беларускі народ да захаваньня парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Была зробленая спроба стварэньня палітычнага цэнтру бяз Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партыяў, прафэсійных арганізацыяў і фармаваньня на гэтай падставе органаў краявой улады. Але кіраўнікі гэтых арганізацыяў не змаглі разьвязаць пытаньне ўлады. Прадстаўнікі левых арганізацыяў тым часам схіліліся да супольнай работы з савецкай уладай.

Выпраўляючыся ўВільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступленьня супраць савецкай улады, да абароны БНР, да «ўсеагульнага грамадзянскага шчасьця» і стварэньня на месцах «беларускіх Саветаў», якія мусяць падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоваў для гэтага не было.

10 сьнежня 1918 году Чырвоная Армія занялаМенск. Менскі Савет абвясьціў аб аднаўленьні Савецкае ўлады. Да сярэдзіны лютага 1919 году амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноўусталявалася ўлада бальшавікоў.

Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) на чале зАляксандрам Чарвяковым прапанаваў пераўтварэньне Заходняй вобласьці ў аўтаномную рэспубліку ў складзеРСФСР. Прапанову Белнацкаму падтрымалі беларускія сэкцыіРКП(б), якія аб’ядноўвалі беларусаў-камуністаў на чале саЗьмітром Жылуновічам. Бальшавіцкае кіраўніцтва прыслухалася да патрабаваньняў нацыянальных сэкцыяў ЦК РКП(б) і пайшло насустрач, прыняўшы пастанову аб стварэньніБССР.

30 сьнежня 1918 году ўСмаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП(б), на якой разглядалася пытаньне аб утварэньні БССР іКПБ(б). Была прынята пастанова аб стварэньні самастойнай сацыялістычнай рэспублікі і перайменаваньні Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б) у КПБ(б). КПБ узначаліліАляксандар Мясьнікоў (Мясьнікян) іВільгельм Кнорын (Кнорыньш), урад БССР —Зьміцер Жылуновіч. 1 студзеня 1919 году быў абнародаваны Маніфэст ураду Беларусі, які абвясьціў утварэньне БССР. Уся ўлада дэкляравалася толькі за Саветамі, сталіцай прызнаны Менск, пачалася падрыхтоўка да І зьезду Саветаў, каб заканадаўча аформіць стварэньне новай дзяржавы. Увогуле, утварэньне БССР фактычна адбылося ў адказ на абвяшчэньне незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі, што ад пачатку прызнавалася на афіцыйным узроўні — як зазначаў першы савецкі камісар фінансаў БеларусіІсак Рэйнгольд на паседжаньні Цэнтральнага БюроКП(б)Б 22 студзеня 1919 году[21]:

«

Існаваньне Беларускай Рады змусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику
»

Маркі БНР

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
  • 25 гр.
    25 гр.
  • 10 гр.
    10 гр.
  • 3 р.
    3 р.
  • 2 р.
    2 р.

Эміграцыя і сучаснасьць

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Сьвяткаваньне ўгодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ўВіленскай беларускай гімназіі.Вільня, 25 сакавіка 1935 г.

У студзені 1919 годуРада і ўрад БНР пераехалі ўВільню, а потым (у выніку наступленьня Чырвонай Арміі і дзейнасьці польскіх ваенізаваных фармаваньняў) уГорадню. Гэты горад лічыўся сталіцай БНР да верасьня 1919 году. Пад эгідай ураду БНР знаходзіліся некаторыя мясцовыя арганізацыі, быў наладжаны выпуск 5 беларускіх газэт (у тым лікуБеларускі народ,Родны край). Урад БНР у гэты час вёў змаганьне супраць прэтэнзіяўпольскай дзяржавы на беларускія тэрыторыі, дамагаўся права на ўдзел уПарыскай мірнай канфэрэнцыі, пасьпяхова прайшлі перамовы з урадамУНР пра пазыцыю для ўрадуА. Луцкевіча.

У сувязі зь дзеяньнямі польскіх легіянэраў у канцы сакавіка 1919 году ўрад БНР выехаў уБэрлін. Тут была дэзавуяваная рэзалюцыя «Ўсебеларускага зьезду», які нібыта адбыўся ўНаваградку, аб далучэньні Беларусі да Польшчы. У траўні 1919 году ад старшыні мірнай канфэрэнцыі быў атрыманы дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ўПарыж.

На пачатку чэрвеня 1919 году ўрадавая дэлегацыя БНР прыбыла ў Парыж. Дэлегацыя разам з прадстаўнікаміЛетувы,Латвіі,Эстоніі,Украіны і інш. дабівалася прызнаньня іх дзяржаваў поўнапраўнымі суб’ектаміміжнародных дачыненьняў.

Тым часам у красавіку 1919 годуВойска Польскае заняло Вільню і Горадню, на пачатку жніўня быў заняты Менск. 19 верасьняАркадзь Смоліч іЯзэп Лёсік накіравалі кіраўніку Польскай дзяржавыЮ. Пілсудзкаму ліст, у якім прасілі аднавіць дзейнасьць структураў БНР. Увосень 1919 году доўгі час уВаршаве знаходзіўсяА. Луцкевіч, які дабіваўся прызнаньня польскай дзяржавай самастойнасьці Беларусі.

1 сьнежня 1919 году А. Луцкевіч,В. Захарка,П. Крачэўскі і іншыя чальцы ўраду БНР пераехалі ў Менск. 13 сьнежня адбыўся раскол Рады БНР наНайвышэйшую Раду БНР (прапольскую) іНародную Раду БНР. Іх старшынямі сталі адпаведна сацыял-дэмакрат Я. Лёсік і сацыяліст-фэдэраліст П. Крачэўскі. Таксама ўтварыліся два ўрады БНР. Найвышэйшая Рада на чале кабінэту пакінула А. Луцкевіча, Народная Рада прызнала кіраўніком кабінэтуВ. Ластоўскага. Польскія ўлады хутка распарадзіліся пра разгон Народнай Рады, арыштавалі В. Ластоўскага,П. Бадунову,Я. Мамоньку. Убачыўшы, што польскі ўрад не прызнае права Беларусі на дзяржаўную самастойнасьць, 28 лютага 1920 году А. Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў. Раней, у студзені, у Бэрлін выехалі старшыня Народнай Рады П. Крачэўскі і яго памочнік В. Захарка. Толькі ў траўні змаглі выехаць уРыгу В. Ластоўскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Я. Мамонька.

У сакавіку 1920 году кіраўніцтва Польшчы пачало перамовы з Найвышэйшаю Радаю БНР, польская камісія адхіліла большасьць прапановаў Найвышэйшай Рады, аднак вылучыла пэўныя сродкі на патрэбы беларускай школы і культуры. Ва ўмовах савецка-польскай вайны дзеячы БНР шукалі падтрымку як з польскага, так і з савецкага боку. Аднак, калі ў ліпені савецкія войскі ўступілі ў Менск, а ўрадРСФСР склаўдамову зь Летувой, паводле якой значная частка беларускіх зямель перадавалася ў яе склад, гэта выклікала пратэст і Найвышэйшай і Народнай Рады. Надзея на тое, што БНР будзе прызнаная Савецкай Расеяй, зьнікла.

У той час, калі савецкі і польскі бакі абмяркоўвалі ўРызе без удзелу прадстаўнікоў беларускага народу ўмовы мірнае дамовы, у горадзе адбылася палітычная канфэрэнцыя, на якой пастанавілі стварыць вакол ураду В. Ластоўскага адзіны нацыянальны блёк. Народная Рада БНР прызнавалася адзіным прадстаўніком беларускага народу і стала называцца Радаю БНР. Тым часам урад Латвіі на падставе дамовы з РСФСР ад 11 жніўня 1920 году прапанаваў Радзе і ўраду Ластоўскага пакінуць тэрыторыю дзяржавы. 11 лістапада была складзеная дамова паміж БНР і Летувіскай Рэспублікай аб узаемным прызнаньні, супрацы і супольным змаганьні за вызваленьне беларускіх і летувіскіх зямель з-пад польскай акупацыі. Рада БНР і ўрад Ластоўскага пераехалі ў сталіцу ЛетувыКоўна. У гэты час урад БНР спрабаваў сарваць савецка-польскія перамовы ў Рызе, шукаючы падтрымкі ў розных эўрапейскіх краінах. Адзінае, што далі гэтыя намаганьні, тое, штоПарыская мірная канфэрэнцыя паставілаПольшчы ў абавязак паважаць правы нацыянальных меншасьцяў. 18 сакавіка 1921 году была падпісанаяРыская мірная дамова.

У канцы сакавіка 1921 году ўПразе прайшла нацыянальна-палітычная нарада, удзел у якой узялі 37 прадстаўнікоў беларускіх партыяў і арганізацыяў зЗаходняй Беларусі, Летувы, Чэхаславаччыны, Нямеччыны — Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. Канфэрэнцыя пацьвердзіла акт 25 сакавіка 1918 году, прызнаваючы Раду БНР як адзіны законны орган улады на Беларусі.

Урад БНР не спыняў дзейнасьці на міжнароднай арэне. 27 красавіка 1922 году на Генуэскую міжнародную канфэрэнцыю па эканамічных і фінансавых пытаньнях прыбылі В. Ластоўскі і міністар замежных справаўА. Цьвікевіч. Старшыні канфэрэнцыі была ўручаная нота аб прызнаньні ўрадам БНР Вільні як сталіцы Летувы і згоду на ўлучэньнеСярэдняй Літвы ў склад Летувіскай дзяржавы ў якасьці аўтаноміі. Мэмарандум з просьбай паставіць пытаньне аб прызнаньні БНР быў заслуханы на паседжаньні палітычнай камісіі канфэрэнцыі, аднак пасьля дэмаршу дэлегацыіРСФСР беларускае пытаньне ў парадак дню канфэрэнцыі пастаўленае не было.

Нота Ластоўскага і Цьвікевіча 20 траўня 1922 году была асуджаная ўрадам БНР. В. Ластоўскі падаў у адстаўку, але яна не была прынятая. Потым Ластоўскі хацеў склікаць уДзьвінску нацыянальную нараду, аднак Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі выступіў супраць. Пачаўся ўрадавы крызіс. 11 кастрычніка 1922 году ўтварыласяДзяржаўная калегія з чальцоў Прэзыдыюму Рады БНР і некаторых міністраў. 20 красавіка 1923 году В. Ластоўскі і дзяржаўны пісар Дуж-Душэўскі заявілі аб выхадзе зь Дзяржаўнай калегіі.

23 жніўня 1923 году сход беларускіх грамадзкіх і палітычных дзеячаў, які адбыўся ў Коўне, сфармаваў новы ўрад БНР на чале з А. Цьвікевічам. Палітыка летувіскага ўраду неўзабаве прывяла да таго, што 1 лістапада 1923 году Прэзыдыюм Рады і ўрад БНР выехалі з Коўны ў Прагу (Цьвікевіч застаўся ў Летуве).

Тым часам палітыкабеларусізацыі, якая праводзілася ўБССР і абвешчанаяамністыя спрыяла таму, што сярод дзеячаў БНР расьлі прасавецкія настроі, якія ўзмацніліся пасьляўзбуйненьня БССР 1924—1926 гадоў, у выніку якога ў склад БССР трапіў сучасны ўсход Беларусі. 12—16 кастрычніка з ініцыятывы А. Цьвікевіча ў Бэрліне адбыласяДругая Ўсебеларуская канфэрэнцыя, якая прызнала Менск адзіным цэнтрам адраджэньня Беларусі. Цьвікевіч і чальцы яго ўраду пераехалі ў Менск.

Прэзыдыюм Рады БНР не прызнаў пастановы канфэрэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка 1918 году. Хоць пасьля чальцы Прэзыдыюму Бадунова і Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНРПётра Крачэўскі і яго намесьнікВасіль Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.

Пасьля сьмерці П. Крачэўскага (8 сакавіка 1928) яго функцыі выконваў В. Захарка. Пасьля акупацыі Чэхіі нацысцкай Нямеччынай з ініцыятывы нямецкага боку ў 1939 годзе адбыліся перамовы прадстаўнікоў Міністэрства замежных справаў Райху з В. Захаркам. Апошні адхіліў прапанову нацыстаў аб супрацы. Перад сьмерцю Захарка перадаў пячатку і дзяржаўны архіўМіколу Абрамчыку, які выконваў функцыі Старшыні Рады БНР да 1970 году.

Эміграцыйная паштоўка наДзень Волі. 1949 год.

Пасьля Другой сусьветнай вайны канкурэнтам ураду БНРу выгнаньні сталаБеларуская цэнтральная рада, сфармаванаяРадаславам Астроўскім у 1943 году, якая працягвала існаваць у эміграцыі. У адрозьненьне ад БЦР, якая амаль цалкам складалася з былых супрацоўнікаў нацыстаў, ва ўрад БНР уваходзілі як былыя дзеячы БЦР (напрыклад,Барыс Рагуля,Аўген Калубовіч,Антон Адамовіч,Станіслаў Станкевіч,Франц Кушаль,Янка Станкевіч), так і тыя, хто ваяваў супраць нацыстаў (Вінцэнт Жук-Грышкевіч,Лявон Рыдлеўскі,Пётра Сыч).

У эміграцыіРада БНР працягвала змаганьне супраць камуністычнай акупацыі, вядома пра супрацу Рады БНР зЦэнтральным разьведвальным упраўленьнем. Так, некаторыя дзеячы беларускай эміграцыі прайшлі курс падрыхтоўкі ў амэрыканскай разьведвальнай школе, з далейшай мэтай пераходу на тэрыторыюБССР для разгортваньня там актыўнай разьведвальнай і нацыяналістычнай працы, самым вядомым зь іх стаўЯнка Філістовіч.

У 1970 годзе эміграцыйная Рада БНР абрала на месца СтаршыніВ. Жук-Грышкевіча, а ў 1982 годзе —Язэпа Сажыча.

Да пачатку 1990-х гадоўРада БНР з рэзыдэнцыяй уНью-Ёрку складалася прыблізна з 200 чалавек з усяго сьвету, у тым ліку і зь Беларусі, але большасьць зь іх пражывала ў ЗША. У адпаведнасьці са статутам прэзыдэнт ці старшыня Рады зьяўляецца «вышэйшым прадстаўніком Рады БНР і беларускага народу», якога Рада абірае на 6-гадовы тэрмін.

Эміграцыя не прызнавала БССР і яе межы. Адным з магчымых шляхоў вяртаньня беларускіх земляў, якія ўваходзілі ў склад РСФСР (Смаленская, часткіБранскай іПскоўскай абласьцей), эміграцыя лічыла канфлікт паміж СССР і Захадам, у выніку якога камуністычная сыстэма непазьбежна ўпадзе. У зваротах да заходніх дзяржаваў іААН Рада БНР прасіла стварыць камісію ААН па расьсьледаваньні каланіяльнай палітыкі Савецкага Саюзу ў Беларусі, у тым ліку фальшывага прадстаўніцтва інтарэсаў Беларусі ў ААН дэлегацыяй БССР.

Пасьляабвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Рада БНР асьцярожна ўспрыняла зьмены ў краіне, ня выказаўшы свайго афіцыйнага стаўленьня да Дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт і прыняцьця новай дзяржаўнай сымболікі, хоць менавіта за такое разьвіцьцё падзеяў яна змагалася ў эміграцыі; аднак у 1993 годзе на ўрачыстасьці з нагоды 75-годзьдзя абвяшчэньня БНР заяўлялася пра магчымасьць перадачы паўнамоцтваў Рады БНР ураду Рэспублікі Беларусь, абранаму падчас дэмакратычных выбараў.

Тым ня менш, пасьля прыходу даўлады Аляксандра Лукашэнкі, прыняцьці ім дзяржаўнай сымболікі, практычна ідэнтычнай сымболіцы БССР, адмены статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і «пачатку наступу на дэмакратычныя волі»Рада БНР адмовілася ад падобных намераў. Такім чынам, у адрозьненьне ад эмігранцкіх урадаў Украіны, краінаўБалтыі, Польшчы, якія прызналі новыя ўрады ў постсавецкіх і постсацыялістычных краінах і перадалі ім свае паўнамоцтвы, Беларусь застаецца адзінай краінай Усходняй Эўропы, якая мае ўласныўрад у выгнаньні[22]. З 1997 году Раду БНР у эміграцыі ўзначальваеІ. Сурвіла. У 2010 году Івонку Сурвілу пераабралі Старшынёй Рады БНР.

Старшыні Рады БНР:

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

Узнагародная сыстэма БНР

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул:Узнагароды БНР
  • Жалезны «Крыж за Бацькаўшчыну». Зацьверджаны ў 1918 годзе. Узнагароджваліся асобы — змагары за Беларускую Народную Рэспубліку[23][24].
  • Ордэн «Жалезны Крыж Заслугі» (часоў Другой сусьветнай вайны, 1944 год). Меў тры ступені, прывешваўся на стужцы (колеры ня высьветлены). На адваротным баку чатырохрадковы надпіс: НА СЛУЖБЕ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ[23].
  • Мэдаль Партызана. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя з 5 жніўня 1951 году. Мае дзьве ступені, выконваецца адпаведна з золата і срэбра. Стужка — чырвона-зямельна-зялёная. На стужцы мэдаля I ступені дзьве скрыжаваныя стрэльбы. На відавым баку ў коле дзьве скрыжаваныя стрэльбы, над імі літары «БНР». На адваротным баку парадкавы нумар[23].
  • Ордэн Пагоні. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць клясаў (ступеняў). Выконваецца з золата ці срэбра, прывешваецца на стужцы нацыянальных колераў. У цэнтры выява Пагоні, на шырокіх прамянёх крыжа літары БНР, на цэнтральным верхнім промні пазначаная ступень. На адваротным баку — парадкавы нумар[23].
  • Крыж Жалезнага Рыцара. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць ступеняў, выконваецца з золата, срэбра ці бронзы. Прывешваецца на стужцы чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колераў. Шаблі на стужцы з таго ж мэталу, што і на ордэне. На трох горных прамянёх — літары «БНР». На адваротным баку — парадкавы нумар[23].
  • Мэдаль да стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Зацьверджаны дэкрэтам Старшыні Рады БНРІвонкі Сурвілы ў сьнежні 2018 году. Надаваўся «за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі»[25].

УзнагародыБеларускай цэнтральнай рады

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

Беларуская цэнтральная рада была створана ў сьнежні 1943 зьБеларускай рады даверу прыГенэральным камісарыяце Беларусі. НаДругім Усебеларускім кангрэсе у 1944 г. БЦР была абвешчана адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу, а ейнай мэтай было абвешчана адраджэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада БНР не прызнае законнай Беларускую цэнтральную раду, а таксама Другі Ўсебеларускі кангрэс[26].

  • Мэдаль «Беларускія Вэтэраны на Чужыне». Юбілейная ўзнагарода, зацьверджана 10—14 кастрычніка 1976 году. Прывешваецца на стужцы жоўтага колеру. Выконваецца з бронзы. На відавым баку ў малым коле на шчыце падвойны крыж. Ля падножжа шчыта літары B. V., унізе IN EXILE (Belorussian Veterans in Ехіlе — Беларускія вэтэраны ў выгнаньні). Малое кола абкружана вялікім, у якім разьмешчаны дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тры пяцікутныя зоркі. На адваротным баку надпіс у пяць радкоў: БЕЛАРУСКІЯ ВЭТЭРАНЫ[23].
  • Мэдаль «Крыж Заслугі Б. К. А.». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з бронзы. У цэнтры крыжа Пагоня, на крыжы літары Б[еларуская] К[раёвая] А[барона]. Унізе дата — 1944. На адваротным баку літары: Б[еларуская] Ц[энтральная] Р[ада]. Мацуецца на зялёнай стужцы[23].
  • Ордэн «Пагоня — Жыве Беларусь!». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з срэбра. Прывешваецца на стужцы нацыянальных колераў. На відавым баку выява герба Пагоня; унізе дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тэкст: «Жыве Беларусь», на адваротным баку ў двух радках літары Б[еларуская] Ц[энтральная] Р[ада] і дата 27.6.1944[23].

У кіно

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
  1. ^Як зазначае гісторыкСяргей Токць, «Менавіта выхадцы з шляхты колькасна пераважалі ў беларускім нацыянальным руху на пачатковай фазе яго разьвіцьця і стварылі тады большасьць тэкстаў, якія заклалі культурны канон нацыянальнай ідэі»[15]
  2. ^польск.«Tento białoruski język ma własną przeszłość, wcześniejszą nierównie i światlejszą niż mało- lub wielkoruski, ale pod obcą, litewską nazwą w niej się ukrywa. Był bowiem językiem urzędowym na całej Litwie; po litewsku; t. j. białorusku spisywano akty, kroniki, statuty; on pierwszy w druku się pojawił, równocześnie z polskim, w Biblii doktora Skoriny w Pradze i Wilnie około 1520 r. <…> Więc mógł sobie niegdyś tuszyć Litwin, t. j. Białorus, że mowa jego i narodowość na całej Litwie każdą inną wyprze — losy zrządziły inaczej: wyparła mowę jego, a zamieniła narodowość wszechpotężna polszczyzna. …w grodach zaś litewskich, od Wilna do Witebska, osiadało mieszczaństwo polskie, bo po polsku mówiące i myślące a litewszczyzna, t. j. białoruszczyzna kątem około monasterów i cerkwi się kupiła. Już w 15 w. w aktach litewskich (białoruskich) spotykasz gęste wyrazy polskie… W 16 w. czytają jeszcze białoruscy Chodkiewicze, Tryznowie, Pacowie, Tyszkiewicze, Sapiehowie, Dorohostajscy, Kiszkowie po białorusku, otrzymują z kancelarii wileńskiej dyplomy i listy białoruskie…»

Крыніцы

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
  1. ^абвСідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка //ЭГБ. —Мн.: 1993 Т. 1. С. 387.
  2. ^Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка //ЭГБ. —Мн.: 1993 Т. 1. С. 384.
  3. ^Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). —Менск, 2005. С. 323—324.
  4. ^абвгдеГісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). —Менск, 2005. С. 315.
  5. ^абвгСідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка //ЭГБ. —Мн.: 1993 Т. 1. С. 386.
  6. ^Päewauudised. Walge-Wene saatkond Tallinas. / Julius Seljamaa //Waba Maa : газэта. —Tallinn: Waba Maa, 20.10.1919. — № 229. — С. 3.
  7. ^Päewauudised. Walge-Wene esitajaks Eesti Walitsuse junre. / Julius Seljamaa //Waba Maa : газэта. —Tallinn: Waba Maa, 24.10.1919. — № 233. — С. 1.
  8. ^Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя / ТэкстУ. Арлова; Маст. З.Герасімовіч. — Лондон: Angloproject corporation limited, 2003. — 317 с.
  9. ^ЭГБ. —Мн.: 1993 Т. 1. С. 386.
  10. ^Helsinki, jouluk. 16 p. Suomi tuunustanut Walko-Wenäjan hallituksen. / Santeri Ivalo //Helsingin Sanomat. : газэта. —Helsinki: 16.12.1919. — № 341. — С. 3.
  11. ^Suomi tunnustaa Walko-Wenäjän tosiasiallisesti. / Pekka Lempinen //Kansan Työ : газэта. —Viipuri: Viipurin Työväen Sanomalehti- ja Kirjapaino-Osuuskunnalle, 16.12.1919. — № 289. — С. 2.
  12. ^Признаніе Бѣлорусской республики Финляндіей. / В. П. Пановъ //Сегодня : газэта. —Рыга: Т-во "Народъ" въ лицѣ Як. Брамса, 21.12.1919. — № 81. — С. 2.
  13. ^Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка //ЭГБ. —Мн.: 1993 Т. 1. С. 388.
  14. ^Катлярчук А.Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны //ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  15. ^Токць С. Шляхта Беларусі і беларускі нацыянальны рух у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich. Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Nr 2/№ 2 (2017). С. 134.
  16. ^Доўнар-Запольскі М. К пытаньню аб найменьні дзяржаўных установаў // Вольная Беларусь. № 19, 1918. С. 2—3.
  17. ^Brückner A. Z niwy białoruskiej. — Kraków, 1918.S. 3—5.
  18. ^Менскае беларускае прадстаўніцтва //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.:Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. —Мн.:БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. —ISBN985-11-0141-9
  19. ^абвСідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка //ЭГБ. —Мн.: 1993 Т. 1. С. 385.
  20. ^Цітоў А. Геральдыка Беларусі. —Менск: МФЦП, 2010. С. 123.
  21. ^Гурневіч Д.«Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 году,Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г.
  22. ^Снапковский, В. Белорусская эмиграция //Белоруссия и Россия: общества и государства / редактор-составитель Д. Е. Фурман. — Москва: Права человека, 1998. — С. 88-105.
  23. ^абвгдеёжМазырэц Ц. Узнагароды Беларусі //Спадчына. — 1992. — № 5. — С. 38—41.
  24. ^Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі //Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 53—56.
  25. ^Узнагароджаньне Мэдалём да стагодзьдзя БНР — Афіцыйны сайт Рады БНР, 25 сьнежня 2018 г.
  26. ^Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.:М. В. Біч і інш.; Прадм.М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. —Мн.:БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. —ISBN5-85700-074-2 С. 390.

Літаратура

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць |рэдагаваць крыніцу]
Сымбалі
Герб БНР
Гісторыя
Органы ўлады
Войска
Сьвяты
Дакумэнты
Іншае
Старажытнасьць (да 500 году)
Раньняе Сярэднявечча (500—1240)
Вялікае Княства Літоўскае
Да Люблінскай уніі (1237—1569)
Рэч Паспалітая (1569—1795)
Пад уладайРасейскае імпэрыі (1795—1917)
Найноўшы час (1917—1991)
Сучаснасьць (пасьля 1991 году)
Дзяржаўныя ўтварэньні пэрыяду Грамадзянскай вайны ў Расеі і станаўленьня СССР (1917—1924)
Прыбалтыка
Беларусь
Польшча
Савецкія
Несавецкія
Украіна
Бэсарабія
Крым
Савецкія
Несавецкія
Дон
Кубань
Паўночны Каўказ
Савецкія
Несавецкія
Паволжа
Урал
Сыбір
Далёкі Ўсход
Савецкія
Несавецкія
Закаўказьзе
Савецкія
Несавецкія
Цэнтральная Азія
Савецкія
Несавецкія
Утварэньні
за межамі
экс-імпэрыі
Савецкія
Несавецкія
Тоўстым шрыфтам вылучаныя дзяржаўныя ўтварэньні, якія перажылі паказаны пэрыяд. У выпадках адсутнасьці ўсталяванага найменьня тэрыторыяў даюцца назвы органаў улады, якія кантралявалі іх.
Беларусь у тэмах
Гісторыя
Мапа Беларусі
Геаграфія
Падзел
Дзяржаўны лад
Эканоміка
Грамадзтва
Атрымана з «https://be-tarask.wikipedia.org/w/index.php?title=Беларуская_Народная_Рэспубліка&oldid=2608913»
Катэгорыя:

[8]ページ先頭

©2009-2025 Movatter.jp